Аб урачыстых мерапрыемствах 7 красавіка 2025 г. і прамежкавых выніках ваенна-мемарыяльнага напрамку працы Пасольства
08.04.2025 г.7 красавіка 2025 г. адбыўся шэраг урачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню 80-й гадавіны Перамогі над фашызмам.
Пасол Рэспублікі Беларусь у Венгрыі Уладзімір Улаховіч прыняў удзел у цырымоніі ўскладання вянкоў да помніка савецкім воінам на плошчы Свабоды ў Будапешце з нагоды 80-годдзя поўнага вызвалення Венгрыі ад нацызму.
Затым ў Расійскім культурным цэнтры ў Венгрыі кіраўнікамі Пасольстваў Беларусі, Расіі, Казахстана, Азербайджана і Кыргызстана быў падпісаны Мемарандум аб узаемадзеянні па ваенна-мемарыяльных пытаннях. Бакі дамовіліся аб сумеснай ваенна-мемарыяльнай дзейнасці, прадаўжэнні супрацоўніцтва ў сферы падтрымання парадку месцаў пахаванняў савецкіх воінаў, помнікаў, мемарыяльных комплексаў, устанаўлення персанальных звестак і месцаў пахаванняў воінаў і грамадзянскіх ахвяр вайны, якія загінулі на тэрыторыі Венгрыі, а таксама ў сферы захавання гістарычнай памяці.
Пасля завяршэння цырымоніі ў РКЦ была адкрыта «Кніга памяці нашчадкаў Перамогі». Першыя запісы ў «Кнізе памяці» пакінулі паслы, якія падпісалі Мемарандум. На старонках Кнігі да 9 траўня могуць падзяліцца сваімі пачуццямі, думкамі аб гераічных і трагічных падзеях 1941-1945 гг. усе жадаючыя.
Напярэдадні паказу спектакля паводле п'есы Аляксея Дударава «Не пакідай мяне» перад аўдыторыяй выступіў Пасол Уладзімір Улаховіч. Пасол пазнаёміў прысутных з творчасцю беларускага драматурга, падзякаваў тэатральнай майстэрні «АртыстЪ» і яе мастацкаму кіраўніку Наталлі Галіеву за пастаноўку. Спектакль быў прадстаўлены на рускай мове з венгерскімі субтытрамі і нікога не пакінуў абыякавым.
Дзень 7 красавіка стаў важнай падзеяй цыкла мерапрыемстваў Пасольства, прысвечаных святкаванню 80-годдзя Вялікай Перамогі і ўшанаванню памяці аб падзеях Другой сусветнай вайны:
- 19 студзеня 2025 г. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь Уладзімір Улаховіч прыняў удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным 80-годдзю вызвалення яўрэйскага гета г. Будапешта войскамі Савецкай Арміі.
- 9 лютага 2025 г. супрацоўнікі Пасольства прынялі ўдзел у цырымоніі ўскладання вянкоў на могілках Фаркашрэці ў даніну памяці загінуўшых у барацьбе з фашызмам венгерскіх ваеннаслужачых Будайскага добраахвотніцкага палка.
- 13 лютага 2025 г. Пасол Уладзімір Улаховіч прыняў удзел у цырымоніі ўскладання вянкоў на плошчы Свабоды, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Будапешта ад фашысцкіх захопнікаў.
- 20 лютага 2025 г. Пасол Уладзімір Улаховіч і супрацоўнікі Пасольства прынялі ўдзел у цырымоніі ўскладання вянкоў да помнікаў на плошчы Свабоды і на могілках Керапешы з нагоды Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл.
- 12 сакавіка 2025 г. Пасол Уладзімір Улаховіч сумесна з супрацоўнікамі Пасольства Расіі і кіраўніцтвам адміністрацыі г. Соб прыняў удзел у цырымоніі ўрачыстага адкрыцця пасля рамонту савецкіх воінскіх пахаванняў у г. Соб.
- 21 сакавіка 2025 г. супрацоўнікі Пасольства прынялі ўдзел ва ўрачыстых цырымоніях ускладання вянкоў савецкім воінскім пахаванням у н.п. Патак і Надзьбаркань.
- 5 красавіка 2025 г. Пасол Уладзімір Улаховіч і супрацоўнікі Пасольства прынялі ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі ўскладання вянкоў да Помніка савецкім воінам на плошчы Свабоды ў Будапешце па запрашэнні Венгерскай працоўнай партыі і венгерскіх антыфашысцкіх арганізацый, прымеркаванай да 80-годдзя Вызвалення Венгрыі.
Беларусь памятае. Мы памятаем.