Двухбаковыя адносіны
Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Харватыя ўсталяваны 25 верасня 1992 г.
З красавіка 2009 г. Пасол Рэспублікі Харватыя ў Расійскай Федэрацыі акрэдытаваны ў Рэспубліцы Беларусь па сумяшчальніцтве. Пасол Рэспублікі Беларусь у Венгрыі акрэдытаваны ў Рэспубліцы Харватыя па сумяшчальніцтве з красавіка 2019 г.
Палітычны дыялог паміж Беларуссю і Харватыяй ажыццяўляецца ў фармаце рэгулярных сустрэч кіраўніцтва міністэрстваў замежных спраў. Апошняя сустрэча двух міністраў прайшла 25 верасня 2019 г. у рамках удзелу ў 74-й сесіі Генасамблеі ААН у г. Нью-Ёрку. Па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня, а таксама па двухбаковых пытаннях праводзяцца кансультацыі паміж знешнепалітычнымі ведамствамі дзвюх краін (апошнія – у сакавіку 2019 г. у Мінску на ўзроўні намеснікаў міністраў).
У лістападзе 1998 г. у рамках саміту кіраўнікоў урадаў краін – членаў Цэнтральна-Еўрапейскай Ініцыятывы адбылася сустрэча прэм'ер-міністраў дзвюх краін.
8 кастрычніка 2019 г. экс-прэзідэнт Харватыі Сцяпан Месіч ў якасці спікера высокага ўзроўню прыняў удзел у экспертнай канферэнцыі на платформе «Мінскага дыялогу». Адбылася сустрэча С.Месіча з Кіраўніком беларускай дзяржавы.
Дагаворна-прававая база двухбаковых адносін знаходзіцца ў стадыі фарміравання. Падпісаныя і ўступілі ў сілу пагадненні аб садзейнічанні ажыццяўленню і ўзаемнай абароне інвестыцый, аб пазбяганні падвойнага падаткаабкладання і папярэджанні ўхілення ад выплаты падаткаў, аб міжнародных аўтамабільных зносінах, аб супрацоўніцтве ў галіне турызму, а таксама аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Шэраг праектаў двухбаковых пагадненняў знаходзіцца ў стадыі ўзгаднення.
У рамках развіцця двухбаковага міжпарламенцкага дыялогу 21 лютага 2013 г. у г.Вена падчас зімовай сесіі ПА АБСЕ прайшла сустрэча парламенцкай дэлегацыі Беларусі на чале з намеснікам Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу з дэлегацыяй Харватыі, якую ўзначаліў кіраўнік парламенцкай групы па сувязях з Беларуссю Т.Піцула.