:

Гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва

Венгрыя традыцыйна ўваходзіць у топ-30 вядучых гандлёвых партнёраў Беларусі.

У 2021 годзе тавараабарот з Венгрыяй дасягнуў 231,5 млн. долараў ЗША, павялічыўшыся за перыяд з 2017 года на 25%. Пры гэтым экспарт тавараў склаўся на ўзроўні 89,8 млн. долараў і за вырас за пяць гадоў на 26%.

Таварная структура экспарту ўключае больш за 170 таварных пазіцый. Найважнейшымі з іх з'яўляюцца прадукцыя машынабудавання, дрэваапрацоўчай галіны, металургіі. У імпарце пераважаюць вырабы машынабудавання, хімічнай прамысловасці і фармацэўтыкі, прадукцыя сельскай гаспадаркі.

Абарот паслуг паміж краінамі знаходзіцца ў межах 30 млн. долараў. Больш за палову агульнага аб'ёму экспарту ў вартасным выразе займаюць транспартныя паслугі, за якімі ідуць камп’ютарныя і дзелавыя паслугі.

Па стане на 1 студзеня 2022 г. аб’ём назапашаных інвестыцый з Венгрыі складае 4,4 млн. долараў. У Венгрыі, адпаведна, назапашана 0,7 млн. долараў інвестыцый з Беларусі.

У Беларусі функцыянуе 8 кампаній з венгерскім капіталам. Уласная структура тавараправоднай сеткі беларускіх прадпрыемстваў прадстаўлена ў Венгрыі кампаніямі Belarus Traktor Kft. і Belmastroy Zrt.

Найбольш значныя пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння з 2009 года разглядаюцца на пасяджэннях Беларуска-Венгерскай Міжурадавай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве. У рамках міжурадавай камісіі створаны рабочыя групы па турызме, супрацоўніцтве ў навуковай сферы і пытаннях будаўніцтва. Функцыі сакратарыятаў беларускай і венгерскай частак камісіі выконваюць знешнепалітычныя ведамствы дзвюх краін.

Па лініі бізнес-колаў таксама праводзіцца праца па стварэнні беларуска-венгерскага дзелавога савета.

Узаемадзеянне ў транспартнай сферы ажыццяўляецца на падставе Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Венгерскай Рэспублікі аб міжнародных аўтамабільных перавозках пасажыраў і грузаў ад 1 лістапада 1995 г. Пасяджэнні Змешанай Камісіі па міжнародных аўтамабільных зносінах праводзяцца на рэгулярнай аснове.

Да ліку перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва адносяцца кааперацыя ў прамысловасці, супрацоўніцтва ў атамнай энергетыцы, сельскай гаспадарцы, фармацэўтыцы, інавацыйнай дзейнасці, па пытаннях адукацыі і турызму, камунальнай гаспадаркі.

Удалым прыкладам вытворчай кааперацыі можна лічыць праект па выпуску двухпавярховых электрацягнікоў «KISS» на венгерскім і беларускім заводах кампаніі «Штадлер» на патрэбы Венгерскай чыгункі.

Развіццю новых кантактаў спрыяе абмен візітамі па лініі галіновых міністэрстваў, рэгіянальных дзелавых структураў, прадпрыемстваў, а таксама правядзенне дзелавых форумаў з удзелам гандлёва-прамысловых палат і асацыяцый. Найбольш актыўнымі ўдзельнікамі дадзенага ўзаемадзеяння з'яўляюцца Нацыянальны цэнтр маркетынгу і кан'юнктуры цэн, Беларуская гандлёва-прамысловая палата, Нацыянальнае агенцтва па інвестыцыях і прыватызацыі, Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва і іншыя зацікаўленыя.

У красавіку 2021 г. у анлайн-фармаце адбыўся беларуска-венгерскі бізнес-форум, у якім узялі ўдзел прадстаўнікі больш за 80 кампаній абедзвюх краін.

У студзені 2022 г. у рамках 40-й міжнароднай сельскагаспадарчай выставы “АГРАмашЭКСПА 2022” у г.Будапешце была прадстаўлена прадукцыя ААТ “Мінскі трактарны завод” і холдынга “Гомсельмаш”. Венгерскія прадпрыемствы таксама з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі міжнародных выстаў у Беларусі.

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці